Тэма 3. Асновы антрапагенэзу

3.1 Развіццё палеантрапалогіі

3.2 Месца чалавека ў жывёльным свеце

3.3 Тэорыі антрапагенэзу

3.4 Аўстралапітэкі і чалавек умелы

3.5 Архантрапы. Палеантрапы. Неантрапы

 

Пытанні да практычнага занятка па тэме 3 (самастойная падрыхтоўка)

1. Фактары, якія прывялі да прамахаджэння старажытнага чалавека

2. Марфалагічныя адрозненні розных відаў чалавека: параўнаўчая характарыстыка

3. Гіпотэзы фармавання “чалавека разумнага”: плюсы і мінусы

4. Расавыя адрозненні і прычыны іх з’яўлення

5. Распаўсюджванне чалавека па кантынентах

 

3.1 Развіццё палеаантрапалогiі

Палеаантрапалогія – гэта раздзел фізічнай антрапалогіі, які вывучае эвалюцыю чалавека на падставе выкапнёвых парэшткаў.
Развіццю палеаантрапалогіі паклалі значныя дасягненні вучоных як у прыродазнаўчых, так і ў гуманітарных навуках. Да пачатку ХХ ст. быў назапашаны не толькі тэарэтычны базіс, але і практычныя напрацоўкі і рэальныя знаходкі выкапнёвых парэшткаў прыматаў, чалавекападобных малп і самога чалавека.

На пачатку ХХ ст. адной з самых актуальных праблем была навуковая інтэрпрэтацыя парэшткаў неандэртальца, асноўнай мэтай якой было ўключэнне гэтага віда ў склад старажытных людей. Менавіта ў гэты час распачаліся спрэчкі вакол праблемы радства неандэртальца і сучаснага чалавека, якія не заціхаюць і сёння.

У 1907 г. немцам Густавам Швальбэ была даказана марфалагічная своеасаблівасць неандэртальскага чалавека. У сувязі з гэтым ён быў вылучаны як асобны від пад назвай Homo primigenius. А ў 1927 г. амерыканскі антраполаг Алiш Грдлiчка абаснаваў гiпотэзу неандэртальскай фазы ў эвалюцыi сучаснага чалавека, сутнасць якой заключалася ў тым, што неандэрталец з’яўляецца непасрэдным продкам чалавека. Аднак сёння шэраг праціўнікаў гэтай думкі сталі на пазіцыі тэорыі прасапіенса (праразумнага чалавека). На іх думку сучасны чалавек мог суіснаваць з неандэртальцам і паходзіць ад іншага адгалінавання гамінінаў. У падтрымку іх пазіцый сведчыць факталагічны матэрыял у выглядзе выкапнёвых парэшткаў прымітыўных і пераходных форм чалавекападобных і ранніх відаў самога чалавека.

Сапраўдным выбухам у свеце палеаантрапалогіі стала ўвядзенне ў навуковы зварот у 1924 г. парэшткаў аўстралапітэка (Australopitecus Africanus) англічанінам Раймандам Дартам. Парэшткі былі знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы і датаваныя 2 млн. год. У 1927 г. непадалёк ад Пекіна, у кітайскай пячоры Джоў-Коў-Дзянь, былі адкрыты парэшткі сінантрапа, якія апісаў англічанін Дэвiдсан Блэк.

З канца 50-х гг. ХХ ст. на тэрыторыі Афрыкі ў Эфіопіі, Танзаніі, Кеніі і інш. праводзяцца маштабныя працы па пошукў і вывучэнню выкапнёвых парэшткаў пераходных відаў гамінінаў. Значныя адкрыцці былі зроблены англічанамі Люiсам i Мэры Лiкiў Алдувайскай цясніне (Танзанія) ў 1959 – 1960 гг., калі былі знойдзены не толькі парэшткізінджантрапа (масіўная форма аўстралапітэка) і чалавека ўмелага (Homo habilis), але і на падставе сабранага комплекса прымітыўных каменных прылад зроблены вывад аб існаванні адной з першых археалагічных культур – алдувайскай культуры.

Вынікі гэтых даследаванняў падштурхнулі большасць спецыялістаў да прыняцця пастулатаў тэорыі аб афрыканскай прарадзіме чалавека разумнага (Homo sapiens).

 

3.2 Месца чалавека ў жывёльным свеце

Чалавек з’яўляецца неад’емнай часткай жывёльнага свету. Нават “не ўзброеным” вокам адразу фіксуецца знешняе падабенства некаторых відаў малп і чалавека: пяціпалыя канечнасці, адсутнасць хваста, вушныя ракавіны, пазногці, будова ўнутранных органаў, міміка, эмоцыі і г.д. Акрамя таго, найважнейшым элементам падабенства, які фіксуецца ў выніку апошніх даследаванняў, з’яўляецца высокая здольнасць да навучання. Гэта здаўна прымушала чалавека задумацца аб пэўным радстве з прыматамі. Яшчэ ў сярэдзіне XVІІІ ст. швед Карл Лінэй разглядаў чалавека як неад’емную частку жывёльнага свету, аб’яднаўшы яго з малпамі ў складзе атрада прыматаў.

Сучасныя чалавекападобныя малпы (антрапоіды) шымпанзэ, гарыла і арангутанг з’яўляюцца бліжэйшымі сваякамі чалавека. Роднасць чалавека і чалавекападобных малп даказваў Томас Гекслі ў сваёй працы «Месца чалавека ў прыродзе» (1863). Аднак Чарлз Дарвін не разглядаў ні адзін з відаў чалавекападобных малп як прамога продка чалавека. Сёння навука падцвярджае гэты тэзіс.

Сучасны чалавек і яго бліжэйшыя продкі адносяцца да сям’і гамінід. Для чалавека характэрны набор прыкмет, якія адрозніваюць іх ад іншых прыматаў і менавіта ад чалавекападобных малп. Гэты набор называюць гамініднай трыядай: прамахаджэнне і біпедалізм (хаджэнне на двух нагах); развітая кісць, што дазваляе павялічыць маніторыку рук для вырабу прылад; развіты мозг, які дазваляе ўдасканаліць мазгавую дзейнасць і працэссы мыслення.

Сёння выдзяляюцца тры паслядоўныя стадыі фарміравання чалавека: архантрапы (старажытнейшыя людзі), палеаантрапы (старажытныя людзі), неаантрапы (новыя, ці сучасныя людзі). Чалавек сучаснага выгляду адносіцца да віду Homo sapіens sapіens у складзе сям’і гамінід атраду прыматаў.

 

3.3 Тэорыі антрапагенезу

Антрапагенез – вучэнне пра паходжанне чалавека і станаўленне яго як біялагічнага віду. Як лічыць сучасная навука, чалавек з’явіўся ў выніку эвалюцыі жывой матэрыі і паходзіць ад малпы. Існуе дзве групы доказаў жывёльнага паходжання чалавека: прамыя і ўскосныя. Прамымі доказамі можна лічыць выкапнёвыя парэшткі чалавека, яго бліжэйшых продкаў і роднасных форм. Ускосныя доказы дае параўнальная анатомія (раздзел біялогіі пра будову арганізму), параўнальная эмбрыялогія (навука пра развіццё эмбрыёна), генэтыка (навука пра спадчыннасць і зменлівасць).

У адпаведнасці з тымі рухаючымі сіламі і фактарамі, якія прызнаюцца дамінуючымі, вучоныя прапанавалі шэраг тэорый антрапагенезу.

Тэорыя палавога адбору (заснавальнік Ч. Дарвін). Сутнасць тэорыі заключаецца ў тым, што жанчыны абіралі сабе найбольш моцных мужчын, што прыводзіла да рэпрадукцыі больш здаровага і жыццяздольнага патомства. З часам “якасныя” рысы замацоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Працоўная тэорыя антрапагенезу (заснавальнік Ф. Энгельс). Сутнасць тэорыі заключаецца ў тым, што гаспадарчая дзейнасць людзей, скіраваная на задавальненне жыццёвых патрэб, стала выжнейшым фактарам у эвалюцыі сацыяльных працэсаў і нават фізіялагічных зменах саміх людзей.

Экалагічныя тэорыі (прадстаўнікі А.А.Велічка, Р.Фоулі, В.П.Аляксееў). Сутнасць тэорыі заключаецца ў тым, што экасістэма ў якой пражывае чалавек непасрэдна ўплывае на ўсе этапы і асаблівасці яго развіцця.

Тэорыя мутацый (заснавальнік Н.Г.Мацюшын). Сутнасць тэорыі заключаецца ў тым, што павышаны радыяктыўны фон натуральнага паходжання стаў прычынай мутацый сярод чалавекападобных малпаў у выніку чаго і адбыліся эвалюцыйныя змены.

«Водныя» гіпотэзы (прадстаўнікі Э.Хардзі, Я.Ліндблад). Сутнасць іх заключаецца ў тым, што канцэнрацыя і пражыванне прыматаў у непасрэднай блізасці да вады прывяла да змены іх фізічнага вобліку з далейшымі эвалюцыйнымі наступствамі, якія прывялі да з’яўлення і развіцця чалавечага віда.

Усе гэтыя тэорыі маюць свае моцныя і слабыя бакі. Хучэй за ўсё, з’яўленне і развіццё чалавека залежыла адразу ад сукупнасці прыродных, біялагічных і сацыльных прычын і фактараў. Акрамя таго, не варта катэгарычна адмаўляць існаванне незразумелых і невядомых пакуль дла нас прычын у з’яўленні і эвалюцыі чалавека.

 

3.4 Аўстралапітэкі і чалавек умелы (Homo habіlіs)

Навуцы сёння вядомы агульныя продкі чалавека і сучасных афрыканскіх антрапоідаў – гарылы і шымпанзэ. Найбольш блізкімі да чалавека па марфалагічным асаблівасцям з’яўляюцца дрыяпітэкі, якія жылі ў Заходняй Еўропе, Афрыцы, Азіі у перыяд 14–20 млн. год таму. Дрыяпітэкі маюць шэраг прагрэсіўных марфалагічных асаблівасцяў, асабліва ў будове зубоў, што набліжае іх да чалавека. Аднак непасрэднымі продкамі сям’і гамінід лічацца аўстралапітэкі. Розныя віды аўстралапітэкавыях малп з’явіліся ў Афрыцы каля 6–7 млн. год таму і вымерлі каля 900 тыс. год таму. Яны характэрызаваліся прамахаджэннем, што адрознівала іх ад чалавекападобных і набліжала да чалавека.

Некаторыя вучоныя адносяць аўстралапітэкаў да асобнай сям’і ў складзе атраду прыматаў, некаторыя – да падсям’і ў складзе сям’і гамінід. Сёння аўстралапітэкаў падзяляюць на тры асноўныя        групы: раннія, грацыльныя, масіўныя.

Раннія аўстралапітэкі (7–4 млн г. т.) мелі найбольш прымітыўную будову. Хадзілі на двух нагах. Рост не перабольшваў 1 м. Аб’ём мозга адпавядаў мозгу шымпанзэ (каля 390 см³).

Грацыльныя аўстралапітэкі (Australapіthecus afarensіs, Australapіthecus afrіcanus) (4–2,5 млн г. т.)мелі параўнальна невялікія памеры і ўмераныя прапорцыі. Хадзілі на двух нагах. Мелі рост 1 – 1,5 м, вагу 20–40 кг і параўнальна вялікі мозг (350–550 см³). Яны лічацца найбольш верагоднымі продкамі чалавечай лініі эвалюцыі.

Масіўныя аўстралапітэкі (Paranthropus robustus, Paranthropus Boіseі) (2,5–1 млн г.т.). Гэта буйныя, да 70 кг вагой, раслінаядныя прыматы. Хадзілі на двух нагах. Мелі рост да 1,7 м, аб’ём мозга каля 550 см³. Магчыма, маглі вырабляць і выкарыстоўваць прылады для здабычы харчавання.

Аўстралапітэкі рассяляліся па адкрытых прасторах афрыканскай саванны і лясным ускрайкам. Жылі яны невялікімі групамі і пастаянна вандравалі ўздоўж рэк і азёр. Для бяспекі начавалі на дрэвах. Змена жыццёвай прасторы, пераход з лесу ў саванну прывялі іх да змены рацыёну харчавання і форм яго здабычы, пры гэтым пачалося выкарыстоўванне палак, костак, каменняў. Астралапітэкі ад расліннай ежы перайшлі да ўсяяднасці. Магчыма грацыльныя аўстралапітэкі маглі паляваць на дробных жывёл.

Самым старажытным прадстаўніком падсям’і гамінін, у якую ўваходзіць і сучасны чалавек, з’яўляецца так званы «чалавек умелы» (Homo habіlіs, прэзінджантрап). Уласна каля яго выкапнёвых парэштак былі знойдзены грубыя каменныя прылады працы, дзякуючы чаму, яго і празвалі “умелым”. “Чалавека ўмелага” лічаць сёння самым першым відам рода Homo. Ён з’явіўся ў Афрыцы каля 2,6 млн г.т. і існаваў да 1,5 млн г.т. Найбольш верагодна, што ён паходзіць ад аўстралапітэка афрыканскага (грацыльнага).

Характэрнымі рысамі чалавека ўмелага былі: адносна вялікі і развіты мозг (550–800 см³), які развіўся ў выніку змены рацыёну харчавання і спажывання жывёльных бялкоў; кісць, прыстасаваная для больш дробных маніпуляцый, а менавіта для вырабу прылад працы. Рост “чалавека ўмелага” вагаўся каля 1,2 м. Разам з тым, Homo habіlіs захоўваў у сваёй марфалогіі шмат прымітыўных рысаў, што дае падставы некаторым даследчыкам адносіць яго да позняй, больш развітай, разнавіднасці грацыльных аўстралапітэкаў.

У адрозненні ад аўстралапітэкаў, “чалавек умелы” навучыўся вырабляць каменныя прылады, якія, магчыма, ужывае ў калектыўным паляванні. Гэта ў сваю чаргу дазваляе яму рэгулярна здабываць і ўжываць мяса.

У 1965 г. каля возера Рудольф у Кеніі, былі знойдзены самыя старажытныя прылады, якія вырабляў з галькі “чалавек умелы”. Датуюцца яны 2,6 млн год таму. Сёння гэтыя прымітыўныя прылады адносяць да самага старажытнага этапу палеалітычнай індустрыі – алдувайскай культуры.

Такім чынам, каля 6–7 млн. год таму ў Афрыцы з’явіліся прамаходзячыя чалавекападобныя малпы, якія паступова эвалюцыянавалі ў аўстралапітэкаў. Адзін з гэтых тыпаў працягваў развівацца, у выніку чаго набыў больш развіты мозг і стварыў прымітыўную матэрыяльную культуру, атрымаўшы назву “чалавек умелы”.

 

3.5 Архантрапы (Homo erectus). Палеаантрапы (Homo sapіens neanderthalensіs). Неаантрапы (Homo sapіens sapіens)

Архантрапамі (Homo erectus чалавек прамаходзячы) называюцьлюдзей першых пераходных ад папярэднікаў тыпаў. Архантрапы, магчыма, паходзяць ад “чалавека ўмелага”. З’явіўшыся ў Афрыцы, яны распаўсюдзіліся па Еўропе, Усходняй Азіі (сінантрап) і Паўднёва-Усходняй Азіі (яванскі пітэкантрап). Сёння існуе пытанне адносна відавой класіфікацыі архантрапаў. Некаторыя даследчыкі адносяць архантрапаў да роду пітэкантрапаў у складзе падсям’і гамінін, іншыя – да віду Homo erectus у складзе роду Homo. Архантрапы існавалі ў перыяд 1,6 млн.г.т. – 300 тыс г.т., які адпавядае эпосе ніжняга палеаліту. Вядома некалькі разнавіднасцяў архантрапаў.

Яваўскі пітэкантрап (Pіthecanthropus erectus, Homo erectus) першыя парэшткі знойдзены ў 1890 – 1891 гг. на востраве Ява, а пачынаючы з 30-х гадоў ХХ ст на Яве знойдзены рэшткі яшчэ каля 20 індывідаў. Маючы прымітыўную структуру чэрапу з малой вышынёй і развітымі надброўнымі валікамі, ён мае аб’ём мозга каля 900 см³.

Атлантрап (Atlanthropus maurіtanіcus) знойдзены ў 1954–1955 гг. у Паўночнай Афрыцы мае марфалагічнае падабенства да яваўскага пітэкантрапа.

Сінантрап (Sіnanthropus pekіnensіs) знойдзены ў 1927 г. у пячоры Джоў-Коў-Дзянь у Паўночным Кітаі, мае аб’ём мозга 900–1200 см³. Пачынаючы з канца 20-х гг. ХХ ст. у Кітаі знойдзены парэшткі больш за 40 індывідаў. Спецыфіка развіцця чэрапу дазваляе дапусціць нараджэнне мовы ў сінантрапа. Акрамя таго, яны пачалі выкарыстоўваць агонь.

Гейдэльбергскі чалавек (Homo erectus heіdelbergensіs) знойдзены ў 1907 г. у наваколлі г. Гейдэльберг у Германіі. Гэта самыя старажытныя парэшткі чалавека ў Еўропе. Па сваім марфалагічнам прыкметам ён блізка стаіць да сінантрапа.

Усе вядомыя сёння тыпы архантрапаў знаходзяцца на розным узроўні развіцця. Большасць даследчыкаў мяркуюць, што Homo habіlіs адносіцца да ранняй стадыі архантрапаў, яваўскі пітэкантрап з’яўляецца прадстаўніком больш позняга этапу развіцця, а сінантрап і гейдэльбергскі чалавек прадстаўляе яго найвышэйшую стадыю.

Архантрапы мелі своеасаблівыя марфалагічныя характарыстыкі. Яны мелі масіўны целасклад, а іх сярэдні рост складаў каля 165 см. Галоўнае адрозненне архантрапаў ад сучаснага чалавека заключаецца ў форме чэрапа і структуры мозга. Архантрапы мелі нізкі лоб, развіты надброўны валік, масіўную ніжнюю сківіцу, нізкую чарапную каробку. Але наяўнасць разрастання ў задняй частцы скроневай долі мозга можа сведчыць пра зараджэнне мовы. Аб’ём мозга архантрапаў складаў 700–1200 см³.

Паступова пашыраецца геаграфія рассялення архантрапаў. Засвоіўшы зону субтропікаў, яны распаўсюдзіліся па ўмераннаму поясу, што пацягнула за сабой неабходнасць пашырэння здабычы харчавання. Гэта прывяло да ўдасканалення прыёмаў палявання у прыватнасці на буйных жывёл. Узмацніўся калектывізм, узнікла неабходнасць большай каардынацыі падчас палявання і як вынік – з’яўленне прымітыўнай мовы.

Вядомыя першыя прылады алдувайскага тыпу трансфармаваліся і ўдасканальваліся. У выніку, каля 1–1,5 млн год таму з’яўляюцца прылады новых форм з канкрэтна акрэсленай функцыяй (напрыклад ручное рубіла). Гэта дазволіла археолагам выдзяліць новую археалагічнаую культуру – ашэльскую (новы этап ніжняга палеаліту).

Археалагічныя матэрыялы са стаянак Таральба і Амброна ў Іспаніі, Тэрра Амата ў Францыі, дазваляюць сцвярджаць аб будоўлі архантрапамі  прымітыўных наземных жытлаў і актыўным выкарыстанні пячор і гротаў для пражывання (пячора Араго ў Францыі, пячора Джоў-Коў-Дзянь у Кітаі).Акрамя таго, археалагічны матэрыял дазваляе сцвярджаць аб выкарыстанні агню архантрапамі, але доказаў таго, што яны яго здабывалі, пакуль няма.

Палеаантрапы (неандэртальскі чалавек, Homo sapіens neanderthalensіs) – гэтановы тып людзей, які з’яўляецца каля 300 тыс год таму і знікае прыкладна 35–30 тыс г.т. Сёння большасць вучоных лічыць, што людзі сучаснага тыпу і неандэртальцы з’яўляюцца падвідамі аднаго віда. Палеаантрапаў адносяць да архаічнай  формы Homo sapіens (падвід Homo sapіens neanderthalensіs).

Неандэртальцы мелі свае марфалагічныя асаблівасці. Целасклад іх быў магутным, сярэдні рост складаў 165–170 см. Аб’ём мозга дасягнуў 1000–1700 см³, але лобныя долі, якія адказваюць за абстрактнае мысленне і сацыяльныя паводзіны былі слаба развіты. У выніку рэканструкцыі моўнага апарату, здзейсненнага амерыканскімі вучонымі мяркуецца, што неандэрталец мог гаварыць павольна са слабай артыкуляцыяй.

Знаходкі выкапнёвых парэштак, зробленыя ў Еўраазіі, гавораць пра існаванне некалькіх лакальных груп неандртальца, якія адрозніваюцца прагрэсіўнымі і рэгрэсіўнымі характарыстыкамі. У Еўропе вядома ранняя больш прагрэсіўная група Эрынгсдорфі поздняя рэгрэсіўнаяШапэль. З’яўленне рэгрэсіўнай групы звязана з пагаршэннем кліматычных умоў, што прывяло да замацавання дамінуючых фізічных якасцяў, а інтэлектуальныя засталіся ў ценю. Прадстаўнікоў групы Шапель сённяшняя навука называе «класічнымі неандэртальцамі».

Жыццё і дзейнасць неандэртальца ахоплівае тысячагоддзі, адпаведна мяняецца і ўдасканальваецца яго матэрыяльная культура. Знаходкі ранніх неандэртальцаў суправаджаюцца артэфактамі тыповай ашэльскай каменнай індустрыі. Аднак каля 200 тыс. год таму з’яўляецца больш дасканалая і эканомнаятэхніка мусцье. Пашыраецца функцыянальная і марфалагічная разнастайнасць прылад. З’яўляюцца скрэблы (каменная прылада для апрацоўкі скур), востраканечнікі (каменныя прылады для разразання і праколвання скур і інш.), праколкі і шылы з костак (для пашыву скураной вопраткі).

Неандэрталец актыўна рассяляецца па прасторах Еўразіі ўдасканальваючы прыёмы калектыўнага загоннага палявання на буйных жывёл, бізонаў, пячорных мядзведзяў, коней, паўночных аленяў, дзікіх быкоў, мамантаў і шарсцістых насарогаў.

Ускладняюцца сацыяльныя ўзаемадносіны, праяўленне якіх можна назіраць на прыкладзе археалагічна зафіксаваных слядоў пахавальнай абраднасці, канібалізму, сімвалічнай дзейнасці, рытуальнай і магічнай практыкі, эмацыйнай прывязаннасці і г.д.

Сёння навука не дае адназначнага адказу пра гістарычны лёс неандэртальца. Вучоныя працягваюць спрачацца аб ролі і ўдзеле неандэртальца ў фармаванні сучаснага чалавека. Шэраг даследчыкаў лічаць неандэртальца непасрэдным продкам сучаснага чалавека (тэорыя неандэртальскай фазы), іншыя мяркуюць, што станаўленне чалавека разумнага адбывалася адначасова і паралельна эвалюцыі неандэртальца (тэорыя прэсапіенса).

Неаантрапы(Homosapіenssapіens) людзі сучаснага выгляду, якіх сёння прынята называць “краманьёнцамі”,  з’явіліся ў верхнім палеаліце каля 40 тыс. гадоў таму. Яны адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў: больш развітай структурай мозга, аб’ём якога складае ў сярэднім каля 1400 см³; формай чэрапа з развітымі лобнымі і скроневымі долямі і дэградаванымі надброўнымі валікамі; наяўнасцю падбародкавага выступу; целаскладам.

Раней лічылася, што неаантрапы з’явіліся каля 35–40 тыс. год таму. Але адкрыцці, зробленыя ў 80-я гады ХХ ст. на Блізкім Усходзе, у Паўднёвай і Паўночна-Усходняй Афрыцы дазваляюць меркаваць, што час іх з’яўлення каля 100 тысяч год таму.

У Еўропе ў прамежку 40 – 30 тыс. г.да н.э. неандэртальцы і краманьёнцы суіснавалі. Апошнія верагодна трапілі ў Еўропу з Блізкага Ўсходу. Аналіз палеаантрапалагічнага і археалагічнага матэрыялу дае падставу сцвярджаць, што ў Еўропе і на большай частцы Азіі неаантрапы з’яўляюцца не раней за 40 тыс год таму, а ў Афрыцы і на Бліжнім Усходзе іх узрост у 2–3 разы большы.

Існуюць розныя падыходы да праблемы прарадзімы Homo sapіens sapіens. Першыя лічаць, што неаантрапы ўзніклі ў адным вузкім рэгіёне і будучы прадстаўнікамі адной расы выцяснілі аўтахтонныя папуляцыі (гіпотэзавузкагамонацэнтрызму). Другія прытрымліваюцца пазіцыі, што неаантрапы ўзніклі незалежна ў розных рэгіёнах і паходзяць яны ад розных рас неандэртальцаў (гіпотэзаполіцэнтрызму). Трэція сцвярджаюць, што непасрэднымі продкамі сучасных людзей з’яўляюцца пярэднеазіяцкія неандэртальцы, а пазней, ў выніку трансфармацыі, змешвання і генетычнага абмену ў розных рэгіёнах сфармаліся групы Homo sapіens sapіens.

Аднак канчатковыя адказы на пытанні аб прарадзіме і працэсе ўзнікнення сучаснага чалавека пакуль не знойдзены. Тыя матэрыялы якімі распалагае і апелюе сучасная навука апавядаюць пра пачатак гісторыі чалавека сучаснага выгляду ў Афрыцы і прылегых да яе рэгіёнах Азіі.

У ходзе сваёй відавой экспансіі, сучасны чалавек у верхнім палеаліце ўжо засяляе ўсе кантыненты (акрамя Антарктыды). У выніку адаптацыі да новых кліматычных умоў пачынаюць фармавацца расавыя адрозненні.

Негроідная раса сфармавалася ў Афрыцы і Аўстраліі ва ўмовах высокіх тэмператур. У сувязі з гэтым прадстаўнікі негроіднай расы маюць цёмную скуру, шырокі нос, кучаравыя валасы, тоўстыя вусны, якія рэгулююць цеплааддачу.

Мангалоідная раса сфармавалася ў Азіі ва ўмовах сухога кантынентальнага клімату паўпустынь і стэпаў. У выніку, твар прадстаўнікоў мангалоіднай расы пакрыты слоем тлушчу, які ахоўве ад рэзкіх перападаў тэмператур і сухасці паветра. Яны маюць характэрны вузкі разрэз вачэй і спецыфічную складку ва ўнутраным кутку вока (эпікантус), які абараняе ад пыльных бур.

Еўрапеоідная раса сфармавалася ў Еўропе ва ўмовах прыледавіковага клімату і характарызуецца выцягнутасцю насавых костак, светлай скурай, прамымі і светлымі валасамі, якія засцерагаюць арганізм ад пераахалоджвання. Выступанне насавых костак падаўжае шлях паветра да дыхальных шляхоў, спрыяе яго саграванню.

Такім чынам, на ранніх этапах расагенезу (эвалюцыя рас) асноўнымі фактарамі расаўтварэння сталі: адаптацыя да навакольнага асяроддзя і ізаляцыя асобных чалавечых супольнасцяў на асобных мацерыках. Пазней рост дэмаграфіі і культурных кантактаў прывёў да заканамернага зліцця прадстаўнікоў розных рас.