У адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам, дысцыпліна «Гісторыя ўсходніх славян (Расія і Украіна)» сінхронна вывучаецца з гісторыяй Беларусі, дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі, краязнаўствам, этналогіяй і крыніцазнаўствам гісторыі Беларусі, а таксама з дысцыплінамі па ўсеагульнай гісторыі. Гэта дае магчымасць акцэнтаваць увагу студэнтаў на міждысцыплінарных сувязях, выявіць ролю і месца гісторыі ўсходнеславянскіх народаў у шырокім прасторавым і часавым дыяпазоне.
Прадмет вывучэння курса – гісторыя ўсходніх славян ад першапачатковага рассялення па тэрыторыі Усходняй Еўропы па ХІV ст.
Мэтай вучэбнай дысцыпліны з’яўляецца фарміраванне ў студэнтаў фундаментальных ведаў па гісторыі Расіі і Украіны з VІ ст. па ХІV ст.
Для рэалізацыі пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:
- садзейнічаць разуменню студэнтамі прычынна-выніковых сувязей і заканамернасцей гістарычнага развіцця ўсходнеславянскіх народаў у кантэксце еўрапейскай і сусветнай гісторыі;
- стварыць вучэбна-метадычныя ўмовы для засваення студэнтамі асноўных этапаў гістарычнага развіцця ўсходніх славян;
- садзейнічаць выпрацоўцы ў студэнтаў навыкаў пошукавай працы з інфармацыяй першакрыніц, вучэбнай і манаграфічнай літаратурай, умення аналізаваць падзеі і факты гісторыі і рабіць на гэтай падставе адпаведныя высновы і абагульненні.
Студэнт павінен:
ведаць:
- прычынна-выніковыя сувязі і заканамернасці гістарычнага развіцця;
- агульнае і адметнае ў развіцці ўсходнеславянскіх народаў;
- асноўныя этапы гістарычнага развіцця ўсходніх славян;
- гісторыю ўсходнеславянскіх народаў у кантэксце еўрапейскай і сусветнай гісторыі;
умець:
- высвятляць сутнаснае і асаблівае праз параўнанне і тыпалогію ў
- гісторыі ўсходніх славян;
- свабодна аперыраваць фактамі гістарычнай рэчаіснасці;
- паспяхова выкарыстоўваць атрыманыя веды ў працэсе выкладання гісторыі ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе.
Грунтоўнае вывучэнне Расіі і Украіны VІ–ХІV стст. дазволіць студэнтам сфарміраваць цэласнае ўяўленне аб асноўных этапах і падзеях гэтага перыяду ўсходнеславянскай гісторыі, найважнейшых тэндэнцыях і праблемах грамадска-палітычнага, палітыка-прававога і сацыяльна-эканамічнага жыцця ўсходніх славян. Вызначальным пры выкладанні дадзенага курса з’яўляецца паглыбленае знаёмства і асэнсаванне гісторыка-метадалагічных і крыніцазнаўчых праблем курса, вывучэнне асноўных пісьмовых крыніц па гісторыі ўсходніх славян і іх кампетэнтная інтэрпрэтацыя.
Вучэбна-метадычны комплекс (ВМК) прызначаны для студэнтаў
1-га курса гістарычнага факультэта, якія вывучаюць курс «Гісторыя ўсходніх славян (Расія і Украіна)». Выданне накіравана на рэалізацыю патрабаванняў адукацыйнага стандарта і вучэбнай праграмы. Мэта вучэбна-метадычнага комплекса – садзейнічанне арганізацыі і ўпарадкаванню самастойнай працы студэнтаў па авалодванні ведаў у адпаведнасці з вучэбнай праграмай.
Змест вучэбна-метадычнага комплекса сфарміраваны ў адпаведнасці з “Палажэннем аб вучэбна-метадычным комплексе на ўзроўні вышэйшай адукацыі” (зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.07.2011 № 167), у якім вызначаны структура і парадак стварэння ВМК ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У адпаведнасці з Палажэннем, ВМК накіраваны на рэалізацыю патрабаванняў адукацыйных праграм і адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі і ствараецца па вучэбнай дысцыпліне.
Структура дадзенага ВМК у якасці асноўных кампанентаў мае: уводзіны, якія ўтрыліваюць тлумачальную запіску да вучэбнай праграмы і адлюстроўваюць мэты ВМК, асаблівасці структуравання і падачы вучэбнага матэрыялу, рэкамендацыі па арганізацыі працы з ВМК; тэарэтычную частку ў выглядзе лекцыйнага курса; дапаможную частку з паказальнікам асноўных гістарычных падзей, гістарычных дзеячаў, гістарычных паняццяў; практычную частку, якая прадстаўлена планамі семінарскіх заняткаў і спісам літаратуры для падрыхтоўкі да іх; кантроль ведаў, які змяшчае матэрыялы для самаправеркі ў выглядзе тэстаў і пытанняў для самакантролю (да экзамену, заліку). Матэрыял падаецца па трох модулях: 1. Усходнія славяне ў старажытнасці. 2. Кіеўская Русь. 3. Русь у перыяд феадальнай раздробленасці.