16 верасня 2022 г. у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “1939 г. у гістарычным лёсе беларускага народа”. Канферэнцыя, якая прайшла ў Год гістарычнай памяці і напярэдадні Дня адзінства беларускага народа, выклікала зацікаўленасць не толькі брэсцкіх вучоных-гісторыкаў, але і шырокага кола беларускіх навукоўцаў з Мінска, Віцебска, Гомеля, Гродна і Полацка. На абмеркаванне ўдзельнікаў канферэнцыі было прапанавана шырокае кола пытаняў, якія раскрываюць разнастайныя аспекты праблемы, у тым ліку значэнне падзеленай Беларусі ў геапалітычнай архітэктуры Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, палітыку Польшчы, адміністратыўна-палітычнае становішча і сацыяльна-эканамічныя адносіны ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., грамадска-палітычныя і этнакультурныя працэсы ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы, этнаканфесійнае і этнакультурнае ўзаемадзеянне на тэрыторыі беларуска-літоўска-польска-ўкраінскага памежжа. Больш чым 50 пленарных і секцыйных дакладаў яскрава ілюструюць падзеі міжваеннага часу і 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі і БССР, падкрэсліваюць іх значнаць для айчыннай гісторыі ХХ стагоддзя і ўплывовасць на міжнародныя адносіны ў Еўропе.